Зьміцер Вайцюшкевіч засьпяваў па-беларуску Філа Колінза!
Тое, што беларускія музыкі ўмеюць працаваць у атмасфэры працоўнага подзьвігу, вядома даўно. Вось і мы 18 лютага 2008-га году сталіся сьведкамі чарговага творчага подзьвігу слыннага беларускага выканаўцы Зьмітра Вайцюшкевіча. Вярнуўшыся а 3-й гадзіне ночы з уласнага канцэрту ў Віцебску, музыка зранку ўжо быў на студыі, дзе на прапанову “Дзіўнотаў і памароцтваў™” запісаў 3 песьні для беларускамоўнае вэрсіі дзіцячага мультыплікацыйнага фільму “Тарзан 2”.
Шчыра кажучы, мы й самі да канца ня верылі, што ўрэшце ўсё так атрымаецца, бо ў гэты ж самы дзень (і зноўку а 3-й ночы!) Зьміцер адпраўляецца ў Японію, – з чаго вынікае, што часу на ўсё пра ўсё мы мелі вельмі няшмат. Але прафэсіяналізм спадара Вайцюшкевіча прымусіў яшчэ раз захапіцца ня толькі ягонаю заўзятасьцю, але й талентам. Як вынік, тры трэкі – “Сын людзкі”, “Хачу знайсьці свой шлях” і “Кім я ёсьць?” цалкам запісаныя Зьмітром і накладзеныя намі паўзьверх мультфільму. Усе тры песьні ўваходзяць у саўндтрэк да “Тарзану 2” і былі адмыслова напісаныя для яго мэтрам амэрыканскае інструмэнтальнае музыкі Філам Колінзам. З часам Зьміцер так уцягнуўся ў працэс, што, на агульную думку тых, хто прысутнічаў на запісе, месцамі ягоны беларускі вакал быў куды лепей за ангельскі спадара Колінза. І гэта нават пры тым, што Колінз тэнар, а Вайцюшкевіч барытон!, – Зьміцер бліскуча даў рады сьпяваць у крыху нязвыклых для сябе танальнасьцях.
Уласна песьні, яшчэ калі перакладаўся сам мультфільм, адразу перакладаліся ў рыфму й клаліся ў памер, – з разьлікам, каб іх можна было пазьней прасьпяваць. Так, як гэта зрабіў Зьміцер Вайцюшкевіч, напэўна, здолеў бы далёка ня кожны зь іншых таленавітых выканаўцаў.
Сёньня ўночы, як ужо было згадана вышэй, Зьміцер адлятае ў Японію, дзе будзе рэпрэзэнтаваць нашую краіну некалькімі сольнымі выступамі. DJP™ шчыра дзякуе Зьмітру за чынны ўдзел у нашай працы й жадае цудоўнага падарожжа па Краіне Ўзыходзячага Сонца! Ну й вядома, з трыюмфам чакаем дамоў...
Тарзан 2 –
прыгоды пачынаюцца!!!
7 лютага творчае згуртаваньне “Дзіўноты й памароцтвы™” цалкам скончыла агучваньне на беларускую мову новага мультыплікацыйнага фільму – “Тарзан 2”. Гэта другая частка з сэрыі мультфільмаў пра Тарзана – караля малпаў, створаных Walt Disney-ем паводле сусьветна вядомых кніжак клясыка дзіцячае літаратуры Эдґара Райса Бэраўза.
У дубляжы мультыка на беларускую прынялі ўдзел акторы Беларускага Рэспубліканскага Тэатру Юнага Гледача, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя М. Горкага, а таксама дыктар Нацыянальнага тэлеканалу АНТ і супрацоўнікі радыё.
Што праўда, на DVD новы беларускамоўны мультфільм зьявіцца не адразу. Сьпярша ён некалькі разоў будзе прадэманстраваны ў відэазалі, якая знаходзіцца ў новым будынку цэнтральнага чыгуначнага вакзалу ў Менску (на чацьвертым паверсе – там, дзе дзіцячая гульнявая пляцоўка). Найхутчэй, гэта будуць выходныя 23-24 лютага, а таксама 1-2 і 8-9 сакавіка – падрабязнасьці крыху пазьней на
www.bydjp.org і
www.dzietki.org. Магчымы таксама паказ стужкі 19 лютага на выставе, якую ладзіць праект “СтудФармат” у Музэі гісторыі кіно з 12 па 19 лютага. Таксама, цалкам верагодна, што якраз напярэдадні свайго адлёту ў Японію, песьні слыннага амэрыканскага кампазытара Філа Колінза, якія гучаць на працягу мультфільма, па-беларуску засьпявае Зьміцер Вайцюшкевіч.
Нагадаем, што першая частка мультфільму выдавалася колькі год таму на VHS-касэтах, як і рэшта іншых мультыкаў, і нядаўна было дамоўлена, што старыя стужкі – супольнымі намаганьнямі творчага згуртаваньня DJP™ і ЗАТ “Сотвар” – разам з новымі мультфільмамі будуць выдадзеныя на сучасных лічбавых носьбітах. Такім чынам, абодва мультфільмы – “Тарзан 1” і “Тарзан 2” – будуць выдадзеныя на адным DVD-дыску, шчодра прыпраўленыя разнастайнымі дадатковымі матэрыяламі.
Паколькі мультфільм разьлічаны на дзіцячую аўдыторыю, інтэрактыўная частка будучага DVD уключацьме ў сябе наступныя функцыі: цалкам анімаванае
мэню, што зробіць навігацыю па дыску прыемнаю забаваю, некалькі гукавых (у фармаце 5.1 Dolby Surround) і субтытулавых дарожак, а таксама абсалютнае
ноў-хаў у галіне вытворчасьці мультыплікацыйнае прадукцыі – забаўляльна-пазнавальныя факты (функцыя таксама ўмыкаецца/вымыкаецца наўпрост з мэню), – якія цягам мультфільму ў выглядзе простакутных
таблічак будуць паведамляць дзеткам цікавыя факты з жыцьця дзікае прыроды. Такім чынам, на 10 раз раптам стаміўшыся ад прагляду ўласна мультфільма, маленькія непаседы будуць мець магчымасьць паглядзець яго абсалютна па-іншаму, даведваючыся для сябе нешта новае! Акрамя беларускай, згаданыя фільмы гэтаксама можна будзе глядзець на ангельскай, расейскай і польскай мовах, што стварае магутны адукацыйны патэнцыял як для дзяцей, так і для дарослых – паколькі ў наладах DVD-прайгравача зноў жа наўпрост з мэню дыска можна будзе выставіць, напрыклад, ангельскую мову гуку зь беларускімі субтытуламі, ці наадварот – балазе варыяцыяў хапае. Таксама, цалкам перакладзеныя і прадубляваныя па-беларуску шматлікія відэабонусы – расповяды пра гісторыю стварэньня першае й другое частак мультфільму, пра цікавы працэс анімацыі й агучваньня мультыплікацыйных пэрсанажаў, пазнавальнае падарожжа ў Афрыку й займальнае слайд-шоў з больш як 600 фотаздымкаў і слайдаў, прысьвечаных пераўтварэньню цудоўнае легенды ў два паўнавартасныя анімацыйныя фільмы.
Далей у плянах творчага згуртаваньня “Дзіўноты й памароцтвы™” зь дзіцячага сэктару йдуць папулярныя стужкі “Самаходзікі”, “Гэркулес”, а таксама францускі мультфільм “Прынцэса Сонца”, для кожнага з каторых таксама ствараюцца свае цікавыя бонусы – як, напрыклад, віртуальнае падарожжа на аўтамабільны завод МАЗ ці гістарычны экскурс ў беларускую міталёгію. Гэта што тычыцца ўжо перакладзеных рэчаў. Паралельна рыхтуюцца новыя пераклады такіх мультыплікацыйных фільмаў, як “Карпарацыя монстраў”, “Мадагаскар”, “Гісторыя цацак 2”, “У госьці да Робінсанаў”, “Плянэта скарбаў”, “Жывёльная грамада”, “Рататуй”, “Сэрфы ўгару!” ды ні на што непадобны чадавы мульт Тыма Бэртана з Джоні Дэпам у якасьці голасу для галоўнага пэрсанажа – “Труп нявесты”.
Гэтаксама плянуецца чаргаваць выданьні для маленькае аўдыторыі з рэлізамі для публікі больш сталага веку. На дадзены момант перакладзеныя ўжо 7 мастацкіх фільмаў – гэта дацкі мультфільм для дарослых “Прынцэса”, дзьве першыя часткі “Піратаў Карыбаў”, “Перакладчыца G9” зь Ніколь Кідман і Шонам Пэнам, “Вакацыі спадара Біна” з Роўэнам Аткінсанам, “300 спартанчукоў” ды “Чорная котка, белы кот” Эміра Кустурыцы. Па за імі будуць “Хітч: Навука заляцаньняў” з Ўылам Сьмітам у галоўнай ролі, “Камандор, гаспадар мораў” – з Расэлам Кроў, “Запавет” таго ж Эміра Кустурыцы, “Чакаляд” і “Знаходзячы дзівосны край” – абодва фільмы з Джоні Дэпам, “Байцоўскі клюб” і “Трынаццатка Оўшэна” – з Брэдам Пітам, “Горад грахоў” паводле коміксу аўтара “300” Фрэнка Мільлера, “Вецер, што гайдае верас” – фільм-пераможца Канскага фэстывалю пра грамадзянскі супраціў ірляндзкага народу ў гады ангельскае акупацыі, “Водар жанчыны” рэжысэра Мартына Брэста, “Матч-пойнт” Вуды Алэна, “Што можа стацца з мараў” – у галоўнай ролі Робін Ўыльямс, а таксама камэдыя “Казанова” (даніна павагі кагадзе загінуламу актору Хіту Лэджэру).
З усяго вышэйнапісанага вынікае, што суполка “Дзіўноты й памароцтвы™” мае быць трывалаю творчаю сілаю, якая будзе рэгулярна знаёміць беларускамоўную публіку з набыткамі сусьветнага кінэматографу й анімацыі. У сувязі з гэтым творчае згуртаваньне DJP™ зьвяртаецца да крэатыўна настроеных (пераважна людзей акторскае прафэсіі, магчыма, студэнтаў тэатральных ВНУ), хто мог і хацеў бы прыняць удзел у дубляваньні й агульным перастварэньні замежных стужак на беларускую мову з прапановаю супрацы. На жаль, гэта пакуль не работа ў Каралеўскім Лёнданскім тэатры, і вялікага грашовага ўзнагароджаньня яна не прадугледжвае, затое магчымасьць папрацаваць ва ўнікальных у сваім родзе ўмовах гарантаваная! Прынамсі, ад нядаўняга часу зьявілася магчымасьць якаснага запісу й зьвядзеньня гукавога матэрыялу, мантажу відэа ды пост-прадакшану ўласна DVD. Лішне казаць, удасканальваць яшчэ хапае чаго й хапае куды, але тое ўжо велізарны крок наперад. Тым, у каго зьявіцца жаданьне далей крочыць разам з намі й рабіць карысную ды надзвычай цікавую справу, – ласкава просім! Скантактавацца з намі можна поштаю –
Этот e-mail защищен от спам-ботов. Для его просмотра в вашем браузере должна быть включена поддержка Java-script
,
Этот e-mail защищен от спам-ботов. Для его просмотра в вашем браузере должна быть включена поддержка Java-script
ці
Этот e-mail защищен от спам-ботов. Для его просмотра в вашем браузере должна быть включена поддержка Java-script
, альбо па тэлефонах МТС-707-79-89 і БелСел-400-01-35. Чакаем на нашых паказах!