Як DJP™ з “Самава луЧЧэва фільма” мацюкі выкідалі
У лютым у беларускім пракаце прайшла расейская стужка “Самый лучший фильм”, зьнятая на замову прадусарскага цэнтру Comedy Club. Фільм, мякка кажучы, гаўно з лайна, але сэнс ня ў гэтым. Правы на афіцыйны распаўсюд “кінашэдэўру” на DVD набыла буйная менская кантора “ВідэаМакс”. Але, прыйшоўшы рэгістраваць стужку ў Рэспубліканскую установу “Дзяржаўны рэгістар кінавідэафільмаў і кінавідэапраграмаў”, прадстаўнікі “ВідэаМаксу” атрымалі нечаканы адказ: у тым выглядзе, у якім фільм быў прадстаўлены на разгляд у цэнзурную камісію, прадаваць у беларускіх дыскарнях яго нельга! Чыноўнікі не прапусьцілі пэўную ненарматыўную лексыку й загадалі, калі “ВідэаМакс” ўсё-ткі хоча распаўсюджваць відэапраграму на тэрыторыі Беларусі, замяніць брыдкаслоўе традыцыйным у такіх выпадках “піканьнем”.
На тлумачэньні прадстаўнікоў дыстрыбутарскае канторы, што, маўляў, самыя “моцныя” выразы ў фільме й так заглушаныя, а рэшту без пытаньняў прапусьцілі і ў Расеі, і ва Ўкраіне, і нават у Прыбалтыцы, чыноўнікі ўзнагародзілі “ВідэаМаксаўцаў” невялічкаю паперкаю (удвая меншаю за аркуш з нататніку), дзе ад рукі былі выпісаныя 9 словаў (некаторыя паўтараюцца шматкроць, таму асадкаю так і было напісана: «“тра*нул” – 2 раза, “нас*ал” – 3 раза» і г.д.), якія мусяць быць прыбраныя, каб дыскі маглі трапіць у афіцыйны продаж. Далей у дзяржрэгістры сумленна прызналіся, што яны паняцьця зялёнага ня маюць, што такое хатнекінатэатровы гук у фармаце 5.1, і тым больш яны ня ведаюць, якім чынам можна заглушыць некаторыя словы на ўжо гатовым і цалкам змайстраваным DVD з мэню й некалькімі гукавымі дарожкамі. У выніку, чыноўнікі пакінулі небаракаў зь “ВідэаМаксу” вырашаць гэтае пытаньне саматужкі.
Гэта першы ў гісторыі прэцэдэнт, калі беларускія рэалізатары ліцэнзійнае DVD прадукцыі мусілі ўносіць нейкія зьмены ў канчатковы прадукт (які яны заўсёды атрымлівалі з Расеі ў гатовым выглядзе, а потым папросту прадавалі празь беларускую сетку распаўсюду), і ўрэшце скончылася тым, што прадстаўнікі “ВідэаМаксу” ўсё ж атрымалі дазвол ад вытворцаў “Самого лучшего фильма” (згаданы прадусарскі цэнтар Comedy Club) на тое, каб “відазьмяніць” пэўныя месцы ў аўдыёдарожках, наклаўшы паверх арыгінальных словаў “піканьне”. Бо іначай фільм папросту ня быў бы афіцыйна прадстаўлены ў Беларусі. Аднак па-ранейшаму стаяла тэхнічнае пытаньне – як у Менску на гатовым DVD-дыску заглушыць мацюкі, і пры гэтым захаваць Dolby гук у фармаце 5.1.
У выніку прадстаўнікоў “ВідэаМаксу” накіравалі ў Беларускі Відэацэнтар, які займаецца мантажом і зьвядзеньнем мастацкіх фільмаў у Беларусі. З тою самаю просьбаю – разабраць DVD, раскласьці гук па каналах, накласьці “піканьне” ў пэўных месцах, а потым сабраць усё назад, каб, як у тым савецкім фільме, “як так і было”. Адтуль, зь БелВідэаЦэнтру, цудоўны й вельмі вопытны гукарэжысэр спадар Сяргей Шункевіч, па-сяброўску зьвярнуўся па дапамогу да творчага згуртаваньня “Дзіўноты й памароцтвы”.
У выніку словы “ср*ка” і “с*ка” вельмі апэратыўна замяніліся на “пі-і-і”, і вось цяпер – о, дзіва! – праграму можна распаўсюджваць на Беларусі. Вось тут мусім пакаяцца й сказаць некалькі словаў у сваё апраўданьне. МЫ ЗРАБІЛІ ГЭТА НЕ З СВАЙГО ВЯЛІКАГА ЖАДАНЬНЯ!!! І НАВАТ НЕ ЗА ВЯЛІКІЯ ГРОШЫ!!! Мы прынялі ўдзел у “ачалавечваньні” звыштупейшае расейскае стужкі адно з павагі да цудоўнага знаўцы свае справы – спадара Сяргея Шункевіча, чыя парады й карысныя заўвагі асабіста нам вельмі прыдаліся падчас агучваньня на беларускую мову мультфільму “Тарзан 2”. Бо сытуацыя з “СМЛ” – гэта, напэўна, адзіны выпадак, калі мы цалкам салідарныя з нашым чынавенствам – такія фільмы мусяць расцэньвацца, прынамсі, як антымастацкія. Што праўда, як заўсёды, іронія лёсу палягае ў тым, што на сёньня бязглузды й абсалютна бессэнсоўны “Самый лучший фильм” рызыкуе стаць абсалютным лідарам продажаў ліцэнзійных фільмаў у 2008 годзе... Прыкра, але сапраўды шмат хто зь цяперашняга маладога пакаленьня ня ведае, колькі існуе сапраўдных добрых фільмаў...
Дарэчы, падчас “чараваньня” над Comedy Club-аўскім шэдэўрам, мы мелі яшчэ адну магчымасьць паразмаўляць з прадстаўнікамі “ВідэаМаксу” наконт таго, каб дадаваць беларускія гукавыя дарожкі да ліцэнзійных фільмаў, правы на афіцыйны распаўсюд якіх гэтая кантора набывае ў праваўладальнікаў больш высокага парадку. Прычым мы, з свайго боку, нават гатовыя рабіць гэтыя гукавыя дарожкі ўласнымі сіламі, і аддаваць іх ліцэнзійным беларускім дыстрыбутарам адно дзеля таго, каб фільмы, прадубляваныя па-беларуску, прадаваліся ў афіцыйных крамах і былі прадстаўленыя на нармалёвых якасных дысках. На гэта намесьніца дырэктара СТАА “ВідэаМакс” па разьвіцьці й плянаваньні спадарыня Марына Ясюкевіч адказала, што “тэарэтычна, няма нічога немагчымага, але дзеючыя кантракты з Walt Disney, Buena Vista і Sony Pictures не дазваляюць рабіць ніякіх зьменаў у DVD, якія “ВідэаМакс” атрымлівае для распаўсюду. А для таго, каб пераглядаць дамоўленасьці з гэтымі заходнімі канторамі, патрэбны альбо дзяржаўны закон, як ва Ўкраіне, альбо вялікая фінансавая зацікаўленасьць – іншымі словамі, сапраўдны попыт на гэтую прадукцыю”. Пакуль жа, абмяняліся каардынатамі й дамовіліся, што далейшыя кантакты паміж “Дзіўнотамі й памароцтвамі” і “ВідэаМаксам” на гэтую тэму будуць. Бо, як паказвае практыка з “Самым лучшим фильмом”, паўсюль бываюць выключэньні...