ДА ЎВАГİ ПАСПАЛİТЫХ Нядаўна адзін айчынны журналіст, з тых, каго мы называем “pressa permitted”, пасьля размовы з намі доўга зьдзіўляўся й пахваліў DJP™ за тое, што, маўляў, усё робіцца “без адзінага замежнага фуньціка”. Радуе, што карэспандэнты “паднявольных” мэдыяў абазнаныя ў эўрапейскіх валютах ня горай ад “дэмакратычных выданьняў”. (Мо’ з тых самых грантаў харчуюцца?..) Ды ня тое йстотна. Сапраўды, усё, што дагэтуль было зроблена й робіцца цяпер творчым згуртаваньнем “Дзіўноты й памароцтвы” – робіцца, як той казаў, саматугам. То бок, DJP™ – гэта найперш згуртаваньне сяброў, абсалютна разнастайных творчых асобаў з МДЛУ, БДУİР-у, БДУ, а таксама маскоўскае Вышэйшае Школы Эканомікі (куды занесла пасьля адлічэньня з Акадэміі Кіраваньня пры ПРБ легенду ўсяго беларускага студэнцтва найноўшага часу Юрася Алейніка, шмат каму вядомага пад шляхетным псэўданімам “Бусел”), – якім цікава тое, чым яны разам займаюцца й якія па пэўным часе, як нейкі праект даходзіць “да роўню гатоўнасьці”, чухаюць свае студэнцкія патыліцы і, так бы мовіць, у складчыну, сваімі коштамі выдаюць плён свае працы на сучасных носьбітах, то бок на DVD. Паверце, гэтаму папярэднічае вельмі грунтоўная работа на ўсіх этапах. Ды толькі мы ня скардзімся, бо перш за ўсё, гэта цікава нам самім.
Дык у чым тады, уласна, рэч? У тым, што зь нядаўняга часу “Дзіўноты й памароцтвы” распачалі абсталяваньне ўласнае студыі, дзе плянуецца агучваць наступныя фільмы й мультыкі. Ёсьць памяшканьне ў цэнтры гораду па вул. Багдановіча (два прыпынкі ад “Белае Вежы”), патрэбныя два мікрафоны й адмысловы перадпрацэсар для якаснага гуказапісу. У стварэньні належнае акустыкі дапамагае будаўнічы сэктар DJP™ (такі таксама ёсьць!).
Усё гэта, у прынцыпе, каштуе не такія шалёныя грошы, а паскорыць вытворчы працэс дазволіць істотна, пазбавіўшы нас неабходнасьці туляньня па розных студыях Менску з далейшым “зборам да кучы” матэрыялаў у розных фарматах і на розных носьбітах. Якасьць, безумоўна, таксама палепшыцца ў разы. Маючы сваіх гука- й відэарэжысэраў, ня кажучы ўжо пра гільдыю перакладчыкаў з МДЛУ, мы зможам радаваць аматараў добрага кінэматографу навінкамі відэа па-беларуску больш апэратыўна. Гукач патрэбен для ўсіх махінацыяў з запісам, постпрадакшанам і зьвядзеньнем у адну дарожку галасоў і гукавых эфэктаў, а відэарэжысэр – для стварэньня анімаваных мэню на DVD, мантажаваньня ролікаў, трэйлераў і г.д. Гэтыя людзі, дзякаваць Богу – і ім, безумоўна, таксама – і зарадзілі ў нашых галовах ідэю пра ўласны вытворчы цэнтар.
Ну вось, у прынцыпе, і ўсё. Калі нехта зацікавіўся і, магчыма, хацеў бы спрычыніцца – лістуйце
Этот e-mail защищен от спам-ботов. Для его просмотра в вашем браузере должна быть включена поддержка Java-script
, Алесь Квіткевіч.
P.S. Дзякуй усім, чые ўхвальныя водгукі надаюць аптымізму й жаданьня працаваць нашмат лепей. З Новым Year-ам! З Новым Годным!